Ішлi з паходняю "Цары"

Отправлено 18 янв. 2010 г., 5:47 пользователем Elena Gritsenko   [ обновлено 18 янв. 2010 г., 8:20 ]
 
Апошнi час вакол каляднага абраду "Цары", якi бытуе толькi ў вёсцы Семежава на Капыльшчыне, было нямала добрага шуму. Радыё, тэлебачанне i газеты дружна паведамлялi пра наданне гэтаму абраду асаблiвага ахоўнага статусу як культурнай каштоўнасцi i пра тое, што гэта першы аб'ект наматэрыяльнай спадчыны ў нашай краiне, ўзяты пад ахову ЮНЕСКА. Калi я напярэдаднi пазванiў у капыльскi аддзел культуры, дык адчуў у сваiх суразмоўцаў лёгкую разгубленасць: маўляў, зашмат фотакарэспандэнтаў i журналiстаў хочуць наведаць Семежава. Маўляў, цi хопiць усiм месца? Празмерная цiкавасць журналiстаў, на маю думку, з'явiлася не толькi ад станоўчага рашэння ЮНЕСКА, а яшчэ i таму, што ўбачыць i зафiксаваць семежаўскiх "Цароў" пажадаў вядомы журналiст з далёкай Японii. А гэта, згадзiцеся, не кожнага дня навiна. Цi не паўвёскi прыйшло паглядзець на гэтага замежнага госця.
 
 
Напэўна, сярод беларускiх даследчыкаў фальклору i народных традыцый было нямала спрэчак наконт таго, што сiмвалiзуе гэты абрад, чаму называецца "Цары" i праводзiцца якраз у Шчодры вечар, калi ў ноч з 13 на 14 студзеня традыцыйна водзяць казу i спяваюць калядкi. Тут жа маршыруюць па вёсцы хлопцы ў белых касцюмах i каўпаках-цылiндрах на галовах, з мячамi i паходнямi ў руках ды яшчэ напяваюць рускую народную песню "Посею лебеду на берегу...". I чаму "Царам" першым нададзены гэткi высокi ахоўны статус, хоць у краiне на сёння вылучаны 13 нематэрыяльных аб'ектаў, узятых пад ахову дзяржавы? На ўсялякi выпадак зазiрнуў у энцыклапедыю "Беларускi фальклор" i даведаўся, што ў мiнулыя стагоддзi на тэрыторыi Беларусi шырока бытавала народная драма пра цара Максiмiляна, а ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя зроблены першыя фiксаваннi паказаў гэтай драмы на Каляды. Семежаўскiя "Цары" - адна з вясёлых iнтэрпрэтацый, якую на свой густ ладзiлi мясцовыя калядоўшчыкi. У суседнiх вёсках Капыльшчыны i Случчыны "Цары" таксама спраўлялiся, але захавалiся яны толькi ў Семежаве - вёсцы, узрост якой сягае за 400 гадоў.
 
 
Нягледзячы на 15-градусны мароз, госць з Японii Нарыта Кунiсу (цяпер ён жыве i працуе ў Парыжы) ад "Цароў" не адмовiўся. Каб замежнiк не адчуваў сябе некамфортна, яму прапанавалi традыцыйныя семежаўскiя валёнкi i кажушок. Як беларускiя фота i кiнааператары, якiх сапраўды было неверагодна шмат, ён з задавальненнем назiраў за карнавальнымi сцэнкамi на вулiцах i рабiў фотаздымкi ў хатах аграгарадка. А ў кожным двары, куды збочвала "царская" дружына, вiталi з хлебам-соллю. Пасля "шабельных паядынкаў" цара Максiмiляна з царом Мамаем у калядны мех клалiся падзякi ў выглядзе грошай, цукерак, сала з каўбасою i вядома, "гарбузiкаў", празваных "семежаўскiмi снiкерсамi". Старэйшая семежаўская гаспадыня Вера Рудазуб, калi i да яе прыйшоў вясёлы гурт, глядзела на "Цароў" праз слёзы. Я запытаўся, чаму яна гэтак эмацыйна перажывала ўбачанае, на што баба Вера адказала, на маю думку, вельмi пераканаўча: "Я ўжо ў такiм веку, што бачу "Цароў", магчыма, у апошнi раз". Цi трэба тлумачыць, што ў такiя хвiлiны старэйшыя семежаўцы вяртаюцца ў сваю далёкую i не менш шчаслiвую маладосць.